СІНА́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ.
На З Азіі, паміж зал. Суэцкім і Акаба Чырвонага м.; тэр. Егіпта. Пл. каля 25 тыс. км². На Пд горы, складзеныя з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў (выш. да 2637 м, г. Катэрын — вышэйшы пункт Егіпта). На Пн паверхня зніжаецца да 500—1000 м. Пераважаюць моцна расчлянёныя камяністыя плато Эгма і Эт-Тых і пласкагор’і. Уздоўж Суэцкага зал. — вузкая пясчаная нізіна. Паўпустыні і пустыні. Радовішчы нафты (Судр, Абу-Рудайс, Эт-Тур), марганцавай руды (Ум-Бугма). Клімат пераходны ад субтрапічнага да трапічнага, гарачы, сухі. Ападкаў менш за 50 мм за год. Густая сетка вадзі. Расліннасць разрэджаная пустынная (паўхмызняковая і травяністая). Па сухіх рэчышчах калючыя хмызнякі і асобныя дрэвы. Качавая жывёлагадоўля, аазіснае земляробства (вырошчванне фінікавай пальмы, ячменю, проса, кукурузы). На С.п. знаходзіцца манастыр св. Кацярыны — помнік архітэктуры і мастацтва, засн. ў 4 ст. (найбагацейшы збор твораў візант. мастацтва, сярэдневяковыя рукапісы, хрысц. абразы 6 ст. ў тэхніцы васковага жывапісу).
т. 14, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)